Жанна Жановна Исакова: «Нравится помогать людям»


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

За шмат гадоў работы ў медыцыне загадчыца аддзялення агульнай урачэбнай практыкі Жанна Жанаўна Ісакава, як прызнаецца сама, ніколі не пашкадавала, што абрала для сябе такую працоўную сцежку.

— Мне падабаецца працаваць з людзьмі, дапамагаць ім. Мне важна, што я прыношу карысць.

У свой час перад выпускніцай Ружанскай школы стаяў выбар: стаць настаўніцай замежнай мовы, здольнасць да якіх была відавочная, ці ўрачом. Але ўсё-такі перамагла медыцына. Нягледзячы на тое, што не ўсё атрымалася з першага разу.

— Першая мая спроба паступіць у медыцынскі абярнулася правалам: мне не хапіла аднаго бала. Прапанавалі перапісаць заяву на стаматалагічны ці санітарна-гігіенічны факультэты, але мне хацелася менавіта лячыць людзей, — расказвае субяседніца. — Толькі на наступны год я стала студэнткай Гродзенскага медуніверсітэта. І ніколькі не шкадую, што страціла гэты год. Наадварот, з асаблівай цеплынёй сёння ўспамінаю сваіх выкладчыкаў: менавіта яны заклалі і любоў да прафесіі, і веды. Дзякуючы гэтаму, у мяне з першых дзён не было складанасцей з прафесійным станаўленнем.

І вось ужо больш за дваццаць гадоў Ж.Ж.Ісакава лечыць пружанцаў. Жанна Жанаўна памятае імя і імя па бацьку практычна ўсіх сваіх шматлікіх пацыентаў, на памяць ведае іх гісторыю хвароб.

— На жаль, сучасныя нарматывы не заўсёды дазваляюць урачу надаць кожнаму пацыенту столькі часу, колькі хацелася б. Таму іншы раз даводзіцца ахвяраваць і ўласным часам: аднаму, каб паставіць дыягназ, назначыць лячэнне ці праверыць самаадчуванне, дастаткова і пяцідзесяці мінут, а другому і паўгадзіны ўдзяліць недастаткова. Доктар, асабліва ўчастковы, павінен быць свайго роду псіхатэрапеўтам. Мне падабаецца практыка замежных краін, дзе ўведзена практыка лячэння сямейнымі ўрачамі: калі ведаеш усю сям’ю, прасцей з кожным яе членам знаходзіць кантакт, ставіць дыягназы, ведаючы хранічныя захворванні, рабіць прагноз з нагоды магчымых хвароб дзяцей.

Сёння, ва ўмовах пандэміі, у медыкаў вельмі вялікая нагрузка, у тым ліку псіхалагічная. Спраўляцца з ёю, па перакананні Жанны Жанаўны, якая ўзначальвае тэрапеўтычную службу паліклінікі, дапамагаюць, у першую чаргу, згуртаванасць і ўзаемавыручка кожнага члена калектыву.

Марына Вакульская

Источник: budni.by

Печать