Татьяна Александровна Бут: «Люди, пожалуйста, живите…»


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

Танінай мамы не стала, калі ёй не было і пяці гадоў. Таму, калі дзяўчынка гуляла з сяброўкамі, якія пераўвасабляліся ў прадаўцоў і настаўніц, яна ўяўляла сябе толькі ўрачом. Магчыма, таму, што хацелася дапамагаць людзям справіцца з хваробай, падаўжаць жыцці. Як некалі мама, якая была медсястрой. У выніку, атрымаўшы школьны атэстат, шлях Таццяны Бут ляжаў толькі ў ВНУ аднаго накірунку — медыцынскага.

— Падчас вучобы ў Луганскім медыцынскім універсітэце спачатку быў намер стаць ЛОР-урачом. Педыятрыю я ніколі не разглядала: і сёння пераканана, што гэта самы складаны і вельмі адказны медыцынскі накірунак. Трэба разумець маленькіх пацыентаў, некаторыя з якіх не тое што правільна растлумачыць, што ім баліць, — увогуле не могуць сказаць, бо размаўляць не ўмеюць, — расказвае Таццяна Аляксандраўна Бут. — А яшчэ чамусьці была ўпэўненасць у тым, што я ніколі не стану тэрапеўтам і ніколі не вярнуся ў свой горад…
Але лёс вырашыў за яе інакш. Падчас практыкі ў родным горадзе Снежнае на шляху Таццяны Аляксандраўны сустрэлася тэрапеўт Надзея Ігнатаўна Тахтомішава, якая і сёння застаецца для яе эталонам урача: самаадданая, разумная, старанная. Гледзячы на яе, без пяці мінут урач убачыла свой ідэал, да якога імкнецца і сёння. Больш за тое, тады ж канчаткова вырашыла стаць тэрапеўтам і пачаць свой працоўны шлях пад кіраўніцтвам доктара, які яе захапіў тэрапіяй. Так адбылося яе станаўленне ў прафесіі.
Апошнія шэсць гадоў сям’я Бут жыве ў Пружанах: абставіны склаліся так, што гэтая сям’я ўрачоў вырашыла памяняць месца жыхарства.
— З мужам мы вучыліся ў паралельных групах: ён — урач-інфекцыяніст. Таму разглядаючы месца для пераезду, у нас быў толькі адзін крытэрый — каб знайшліся працоўныя месцы для абодвух. Пружаны ў гэтым сэнсе нас цалкам задаволілі. Ва ўрача няма жыцця паміж домам і працай. Таму прэтэнзіі да інфраструктуры населенага пункта, яго памераў — усяго толькі юнацкі максімалізм. Гэта мая асабістая перакананасць, — разважае Таццяна Аляксандраўна. — Наадварот, у невялікім горадзе не трэба марнаваць каштоўны час на дарогу, лепш аддаць гэты час сям’і.
У Пружанскай ЦРБ адразу заўважылі, што Таццяна Бут — высакакласны ўрач, таму практычна адразу прапанавалі ёй пасаду загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы.
— У прафесіях, якія звязаны са зносінамі з людзьмі, важна не дайсці да прафесійнага выгарання. І ўрачы — не выключэнне. Мне з ім дапамагаюць справіцца ўсведамленне важнасці справы, якую я абрала, а таксама шчырая ўдзячнасць пацыентаў, якім дапамагаеш справіцца з хваробай.

Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча

Источник: www.budni.by

Печать