Хараўская амбулаторыя: «Мы адна каманда!»


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

Хараўская амбулаторыя агульнай практыкі — адна з дзесяці ўстаноў раёна, занесеных сёлета на раённую Дошку гонару. Таму напярэдадні Дня медыцынскага работніка мы вырашылі бліжэй пазнаёміць вас з людзьмі, якія ўнеслі асабісты ўклад у агульную скарбонку аховы здароўя жыхароў Пружаншчыны.

Загадчыца амбулаторыі, урач агульнай практыкі Алена Мікалаеўна Пешка разам з памочніцай Анастасіяй Русланаўнай Трушко журналістаў прымала ў “чыстай” зоне амбулаторыі, але пры поўным абмундзіраванні: у ахоўных халатах, капялюшыках, пальчатках і медыцынскіх масках.

Як мы ні ўгаворвалі ўрача і яе памочніцу зняць хоць бы маскі, якія амаль поўнасцю закрывалі твары, медыцынскія работнікі так і не пагадзіліся. Хаця, прызнацца, адных вачэй, выпраменьваючых асаблівую цеплыню, было дастаткова, каб зразумець: гэтыя людзі — на сваім месцы і гатовы ўсім ахвяраваць дзеля здароўя сваіх пацыентаў.

Для загадчыцы амбулаторыі, урача агульнай практыкі Алены Мікалаеўны Пешка Хараўская амбулаторыя — першае працоўнае месца. На Пружаншчыну ўраджэнка Століншчыны і выпускніца Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта трапіла тры гады таму, адразу пасля праходжання інтэрнатуры ў Брэсцкай гарадской бальніцы.
— І ні разу аб гэтым не пашкадавала! — сцвярджае яна. — Горад побач, ды і інфраструктура самога аграгарадка вельмі зручная. А людзі якія цудоўныя! Шчырыя, добразычлівыя, працавітыя. Дзякуй калектыву, які з першага дня мяне прыняў і падтрымліваў у цяжкую мінуту. Такім адданым калегам, як у мяне, можа пазайздросціць любая ўстанова! Усе яны прафесіяналы сваёй справы. Таму, нягледзячы на сваю вышэйшую адукацыю, перш чым прыняць важнае рашэнне, я стараюся прыслухоўвацца да меркавання кожнага з іх, незалежна ад узросту і пасады. Мы — адна каманда.
А каманда — гэта дзевяць чалавек, на плячах якіх сёння, падчас складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, ляжыць празмерная нагрузка.
“Правая рука” ўрача Анастасія Русланаўна Трушко пару гадоў таму скончыла Брэсцкае медыцынскае вучылішча па спецыяльнасці “Фельчар-акушэр”. Адпрацоўку праходзіла на Калядзіцкім ФАПе.
— Па пэўных прычынах на некаторы час я вымушана была развітацца з медыцынай, але вярнулася, паколькі давала клятву Гіпакрата і жыццё сваё не ўяўляю без белага халата, — кажа маладзенькая дзяўчына.
“Левая рука” ўрача, фельчар-акушэр Юлія Пятроўна Цюшкевіч, якая 18 гадоў назірае за здароўем жанчын на ўчастку.
Вялікай павагай у кіраўніка і ўсяго калектыву карыстаецца і медсястра фізіятэрапеўтычнага кабінета Таццяна Паўлаўна Новік, якая роўна 30 гадоў таму пачала свой медыцынскі шлях у Хараўской бальніцы.
— А яшчэ работнікі амбулаторыі — гэта ўрач-стаматолаг, медсястра, вадзіцель, з якім мы кожны дзень спяшаемся да сваіх пацыентаў… Ніяк не абысціся нам і без нашых санітарак Галіны Яўгенаўны Цішчанка і Алены Барысаўны Ніпарка, — працягвае гаварыць пра сваіх супрацоўнікаў загадчыца амбулаторыі. — У характар іх работы каранавірус таксама ўнёс вялікія карэктывы: пачасціліся ўборкі памяшканняў з ужываннем дадатковых дэзынфектантаў. Што зробіш, у гэтым годзе медыкі сутыкнуліся з асаблівай праблемай, але дзякуй нашаму галоўнаму ўрачу В.М.Дараневічу, які забяспечыў персанал усімі ахоўнымі сродкамі. Раней жа такія касцюмы, так званыя “чумкі”, мы надзявалі толькі раз у год для трэніровак, а цяпер гэта неад’емная экіпіроўка. Спадзяёмся, што ў хуткім часе, калі агульнымі намаганнямі ўсіх медыкаў краіны каранавірус будзе пераможаны, мы зноў будзем абслугоўваць нашых пацыентаў толькі ў звыклых для ўсіх белых халатах.

Няхай усміхаецца пацыент

40 гадоў жыцця прысвяціла прафесійнай справе ўрач-стаматолаг Людміла Паўлаўна Стасевіч.

— Я, можна сказаць, самы “старажытны” работнік амбулаторыі, — жартуе жанчына, на некалькі мінут адарваўшыся ад бормашыны. — Уладкавалася на працу ў 1980 годзе: 4 гады адпрацавала ў Пружанах, а потым перавялася ў Хараву: менавіта тут майму мужу, які на той момант скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, прапанавалі працу і далі жыллё. Тады ў Хараве была бальніца, якая абслугоўвала вялікую тэрыторыю — ад Белавусаўшчыны да Смаляніцы. А загадваў ёю вядомы на ўвесь раён і нават за яго межамі доктар Адамовіч. Урач ад Бога. Не было такога чалавека, якому б ён ні дапамог… Сёння ўчастак стаў меншым, але працы хапае, таму і падтрымліваю моладзь, як магу. А моладзь, трэба сказаць, вартая ўвагі! Наша загадчыца Алена Мікалаеўна — вельмі добры спецыяліст, адказны, добразычлівы. Хутка заваявала давер у калег і пацыентаў. З ёй ды яшчэ ў такой утульнай абстаноўцы — уся мэбля ў кабінеце новая, бораў і інструментаў хапае — працуецца вельмі лёгка. А значыць, і пацыенты будуць задаволены. Няхай усміхаюцца!

Важнасць своечасовай дыягностыкі

Перад вачыма фельчара-лабаранта Наталлі Васільеўны Шаўчэнка — цэлы мікрасусвет эрытрацытаў, трамбацытаў і лейкацытаў, якія дапамагаюць медыкам распазнаваць “чужынцаў” — бактэрыі, грыбкі ці вірусы — і абясшкоджваюць іх.

Наталля Васільеўна працуе ў амбулаторыі ўжо больш за 20 гадоў. Яна была і застаецца важнай памочніцай урача ў справе своечасовай дыягностыкі захворванняў.
— У нас вельмі добрая лабараторыя, якая дазваляе праводзіць амаль усе неабходныя аналізы, а гэта не толькі зручна, але і патрэбна людзям, — кажа жанчына.

Памочнік урача

З парога амбулаторыі сустракае пацыентаў медсястра агульнай практыкі М.Р.Мацкевіч, якая паспявае выконваць яшчэ і абавязкі рэгістратара.

Марына Рыгораўна некалькі гадоў таму праходзіла адпрацоўку ў Шарашоўскай гарадской бальніцы, а потым перайшла ў Хараўскую амбулаторыю. І вось ужо два с паловай гады дапамагае ўрачу лячыць людзей.

Мовай лічбаў і фактаў

Хараўская амбулаторыя размешчана ў тыпавым будынку, у якім у 2007 годзе ў адпаведнасці з праграмай адраджэння аграгарадка быў праведзены капітальны рамонт.
Тут ёсць усе памяшканні ў адпаведнасці з санітарна-гігіенічнымі нормамі. Працуе аптэчны ларок, у якім пацыенты могуць набыць усе неабходныя медыкаменты. Ёсць дзённы стацыянар на два ложкі.
Усе кабінеты амбулаторыі аснашчаны неабходным медыцынскім абсталяваннем і інвентаром.
Сацыяльныя стандарты тут выконваюцца ў поўным аб’ёме. Медыцынскімі работнікамі абслугоўваецца насельніцтва ў колькасці 1511 чалавек, большую палову з іх — 878 — складаюць людзі працаздольнага ўзросту. Дзяцей на ўчастку — 126, пяцёра з іх — ва ўзросце да 1 года.
Радыус абслугоўвання Хараўской амбулаторыі — 15 км — ахоплівае 7 населеных пунктаў. Адлегласць да цэнтральнай бальніцы — 20 км.
У зоне адказнасці ўстановы знаходзяцца ААТ «Айчына», ААТ «Агра-Калядзічы», Хараўская СШ, Калядзіцкі ВПК. Усе супрацоўнікі гэтых прадпрыемстваў і арганізацый рэгулярна праходзяць у амбулаторыі поўныя медыцынскія агляды.

Адна каманда
Са Святам, медыкі!

Алена Зялевіч

Источник: www.budni.by

Печать