Асаблівасці атрымання накіраванняў у цэнтр медрэабілітацыі для воінаў-афганцаў растлумачыла ўрач агульнай практыкі Пружанскай ЦРБ Жанна Ісакава
Працягваем тэму аздараўлення, якое могуць атрымаць воіны-інтэрнацыяналісты. Растлумачыць некаторыя асаблівасці атрымання накіраванняў у цэнтр медыцынскай рэабілітацыі мы папрасілі ўрача агульнай практыкі цэнтральнай раённай бальніцы Жанну Ісакаву.
— Мы маем магчымасць даць накіраванне на аздараўленне ў дзяржаўную ўстанову аховы здароўя «Віцебскі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў і ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў». Але напачатку прывяду некаторыя дадзеныя. Згодна з апытаннем, якое праводзілася ў пачатку студзеня 2023 года ўрачамі агульнай практыкі, сярод воінаў-інтэрнацыяналістаў раёна выказалі жаданне прайсці лячэнне ў цэнтры 78 ветэранаў вайны ў Афганістане і 57 іх жонак.
На працягу 2023 года памерлі 2 чалавекі, мелі проціпаказанні да накіравання ў цэнтр 4 чалавекі. Прайшлі лячэнне з ліку запісаўшыхся ў Віцебскі цэнтр у шпіталі «Бараўляны» 4 чалавекі. Адмовіліся ад накіравання ў цэнтр 101 чалавек, некаторыя не адзін раз. Прайшлі лячэнне ў цэнтры 24 чалавекі. Прыйшлося назад вярнуць так званыя «гарачыя» пуцёўкі, якія атрымалі 29 снежня. Прыбыць на месца рэабілітацыі трэба было ўжо 30 снежня. Ад такіх пуцёвак воіны-інтэрнацыяналісты і іх жонкі адмовіліся.
На 2024 год запіс на лячэнне робяць урачы агульнай практыкі і ўчастковыя ўрачы згодна з месцам пражывання. Па стане на 1 студзеня 2024 года на І квартал выказалі жаданне прайсці лячэнне ў Віцебскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў і ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў 8 ветэранаў. Было столькі ж заказана пуцёвак (4 — сямейныя, ці 8 — падвоеныя). Атрымана 6 накіраванняў на шпіталізацыю. Ад двух адмовіліся. На дадзены момант накіраваны 2 чалавекі — воін-інтэрнацыяналіст і яго жонка. На сакавік 2024 года ёсць 2 накіраванні на шпіталізацыю. Запланавана накіраванне пацыентаў Лыскаўскай амбулаторыі агульнай практыкі.
Як зазначыла яшчэ Жанна Жанаўна, немагчыма заказаць пуцёўкі ў цэнтр на пэўную дату, як таго жадаюць воіны-інтэрнацыяналісты. Накіраванні прыходзяць некалькі на квартал з вызначанай датай пачатку рэабілітацыі.
Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка