У Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы новая карэта хуткай дапамогі
У рамках праграмы ва УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» нядаўна набыта машына хуткай медыцынскай дапамогі класа «Б» на базе аўтамабіля «Фіят». Машына ўкамплектавана ўсім неабходным сучасным абсталяваннем. Гэта істотна палепшыць якасць аказання экстранай медыцынскай дапамогі насельніцтву раёна, скароціць час прыбыцця брыгады медыкаў у пункт прызначэння, і пры неабходнасці, забяспечыць камфортную дастаўку пацыента ў стацыянар.
Згодна з Дзяржаўнай праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021—2025 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 2021 г. № 28, установамі аховы здароўя ажыццяўляюцца мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва, ахоп усіх этапаў жыцця, павышэнне якасці і даступнасці паслуг сістэмы аховы здароўя.
Дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта краіны Міністэрствам аховы здароўя забяспечваецца стабільнае фінансаванне сістэмы на падставе праграмна-мэтавага планавання, арыентаванага на вынік. Сумесна з зацікаўленымі ведамствамі ажыццяўляецца планамерная работа па ўдасканаленні галіны. Гэта дае магчымасць укараняць у рэгіёнах сучаснае медыцынскае абсталяванне, абнаўляць аўтапаркі, ствараць камфортныя ўмовы для развіцця медустаноў на месцах, забяспечваць даступнасць медыцынскай дапамогі для ўсяго насельніцтва. І вынікі гэтай работы ўжо відавочныя.
— Аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі ў нашай ЦРБ за апошнія пяць гадоў істотна абнавілася. Я працую тут доктарам з 2017 года і чатыры гады на пасадзе загадчыка аддзялення, — расказвае Уладзіслаў Пекач. — Мне ёсць з чым параўнаць і ёсць чым пахваліцца. Для нашага аддзялення самае галоўнае — гэта аўтамабіль і яго абсталяванне, а потым ужо рукі ўрача. Цяпер у раёне працуе пяць выязных брыгад, усе машыны хуткай дапамогі тэрмінам службы менш за тры гады. Закуплены дадатковыя апараты ЭКГ, інфузаматы для дазаванага і працяглага ўвядзення лекавых прэпаратаў унутрывенна. Згодна з табелем абсталявання сёлета набылі два электракардыёграфы, чакаем пастаўку двух транспартных апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, ідзе планавая замена дэфібрылятараў.
Яшчэ адно новаўвядзенне, якое значна аблягчае работу брыгады, — набыццё персанальных відэарэгістратараў, дзякуючы якім усе спрэчныя пытанні будуць вырашацца значна хутчэй і прасцей. Усе дыялогі «урач-пацыент» на выкліках будуць зафіксаваны і перададзены на спецыяльную тэрмінальную прыладу з захоўваннем інфармацыі да 45 дзён.
Безумоўна, набыццё карэты хуткай дапамогі адбылося ў тым ліку дзякуючы актыўнаму ўдзелу і вялізнай падтрымцы мясцовых органаў улады.
Адміністрацыя ЦРБ у асобе галоўнага ўрача Юрыя Юзько выказвае вялікую падзяку арганізацыям і іх кіраўнікам, якія аказалі пасільную спонсарскую дапамогу ў набыцці аўтамабіля. А гэта ТАА «Аграпрадукт», «Штотцт Агра-Сэрвіс Груп Брэст», ТАА «Аграпрамсіла — 2020», ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка», ТАА «Ружанская мэблевая кампанія», ААТ «Мурава», ААТ «Шані-аграпрадукт», ТАА «Экалагічныя матэрыялы», СФГ «Тытул-Агра», ТАА «Белавежхімпрам», ААТ «Пружанскі льнозавод», а таксама індывідуальным прадпрымальнікам Дзмітрыю і Ірыне Бондарам.
Новая хуткая выйшла на лінію і адразу апрабавала свае магчымасці. Некаторыя пацыенты ўжо паспелі ацаніць аператыўнасць і якасць медыцынскай дапамогі.
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік
Источник: www.budni.by