Свята для ўсіх
Рэспубліканская акцыя «Ад усёй душы» працягвае ланцужок добрых спраў, якія былі распачатыя 26 снежня. Гэта адна з кранальных ініцыятыў Кіраўніка дзяржавы, якую трэці год запар ахвотна падтрымліваюць арганізацыі, прафсаюзы, моладзь.
Штогод у марафоне добрых спраў прымае ўдзел і прафактыў Пружанскай ЦРБ.
Намеснік галоўнага ўрача Вольга Барысюк, старшыня прафкама Ірына Шэйка разам з маладымі спецыялістамі пабывалі ў Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, Шарашоўскай і Ружанскай гарадскіх бальніцах, а таксама ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў аг. Лыскава.
Так за кошт добраахвотна сабраных сродкаў супрацоўнікамі ЦРБ былі набыты неабходныя ўстановам прадметы асабістай гігіены, крэслы, шторы і, вядома ж, салодкія падарункі. Акрамя таго, сваімі сіламі члены прафсаюза арганізавалі і правялі святочную праграму. «Урачэбныя» казачныя героі разам з пажылымі пацыентамі спявалі песні, некаторыя нават танцавалі і ўспаміналі, як у далёкія часы іх маладосці праходзілі навагоднія святы.
— Дзед Мароз і Снягурка нашай бальніцы павіншавалі кожнага пацыента, нават тых, хто з-за жыццёвых абставін прыкаваны да ложка, усяго ж іх — 61, — расказала старшыня прафсаюзнай пярвічкі Ірына Шэйка. — Такія цёплыя сустрэчы не пакідаюць нікога абыякавым. Калі глядзіш у вочы гэтых людзей, адразу разумееш, наколькі для іх важна цеплыня, разуменне і клопат. Любым дробязям яны радуюцца, як дзеці, і разам з імі напаўняемся радасцю і мы.
На гэтым акцыя добрых спраў не завяршылася. Не пакінулі прафсаюзныя актывісты і ветэранаў працы, былых супрацоўнікаў сваёй бальніцы, грамадзян, якім споўнілася больш за 85 гадоў. За прафсаюзны рахунак для іх набылі прадуктовыя наборы.
У акцыі «Ад усёй душы» ёсць нейкая асаблівая кранальнасць. Яна пакідае пасля сябе толькі радасныя эмоцыі, абсалютнае задавальненне і, вядома, карысныя падарункі. А яшчэ — кранальныя ўспаміны ў тых, хто ў гэтыя святочныя дні больш за ўсё мае патрэбу ў павышанай увазе і клопаце.
Ірына Велясевіч. Фота з архіва ЦРБ
Источник: www.budni.by