Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Юрый Наркевіч азнаёміўся з ходам будаўніцтва новага прыёмнага аддзялення Пружанскай ЦРБ
У рабочай паездцы ў Пружанскі раён дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Юрыя Наркевіча было запланавана наведаць узведзенае прыёмнае аддзяленне ўстановы аховы здароўя «Пружанская ЦРБ».
Дэлегацыю, у склад якой таксама ўвайшлі старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, сустракалі ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг райбальніцы Аляксей Семашкевіч і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы аховы здароўя Ірына Шэйка.
Юрый Іосіфавіч цікавіўся ступенямі гатоўнасці да здачы аддзялення, яго аснашчэннем апаратурай, падрыхтоўкай спецыялістаў.
Мы прайшліся па абноўленым прыёмным пакоі бальніцы, паглядзелі дабудаваныя памяшканні, агледзелі апарат камп’ютарнай тамаграфіі.
Як заверыў Аляксей Семашкевіч, са здачай гэтага дыягнастычнага аддзялення ўзровень якасці медыцынскай дапамогі пацыентам значна ўзрасце. Можна будзе дакладна і ў сціслыя тэрміны ўстанавіць дыягназ. Калі іншы раз ідзе адлік жыцця і здароўя пацыента ў мінутах, то гэта вельмі важна.
Віктар Ільюшчанка.
Фота Кацярыны Масік
Источник: www.budni.by