Ці можна есці ўсё і не таўсцець? Кропкі над «і» расставіла ўрач-эндакрынолаг Пружанскай ЦРБ Таццяна Паляшук


Рейтинг: 5 / 5

Звезда активнаЗвезда активнаЗвезда активнаЗвезда активнаЗвезда активна
 

— Апошнім часам чуем нямала разнастайных парад, якія тычацца харчавання. То родную бульбу раяць замяняць на заморскае авакада, то наогул аднымі морапрадуктамі, якія каштуюць немаведама колькі, харчавацца. Ды яшчэ нейкія дамарошчаныя дыетолагі ў інтэрнэце прапануюць курсы пахудзення. Але наколькі можна ім давяраць? Дайце сапраўдныя рэкамендацыі!

Са званка ў рэдакцыю.

Па рэкамендацыі мы звярнуліся да ўрача-эндакрынолага Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяны Паляшук: менавіта да гэтага спецыяліста ідуць пацыенты з цукровым дыябетам, рознымі праблемамі, звязанымі з парушэннямі работы эндакрыннай сістэмы арганізма.

Таццяна Віктараўна адказала на самыя распаўсюджаныя пытанні наконт правільнага харчавання і дала карысныя парады.

— Колькі разоў на дзень трэба есці?

— Галоўнае не колькі разоў, а што і як мы ядзім! Зусім не даказана, што прыём ежы пяць разоў на дзень лепшы, чым тры разы, або наадварот. Усё індывідуальна. Я часта рэкамендую сваім пацыентам тры асноўныя прыёмы ежы і пры жаданні (але не абавязкова), перакусы да абеду і да вячэры. Гэта дапамагае пазбегнуць пераядання, цягі да салодкага.

— Ці можна прапускаць прыёмы ежы?

— Калі гэта разава, то нічога страшнага. Але сістэматычны пропуск, напрыклад, абеда прывядзе да больш аб‘ёмнай вячэры, а значыць, пераядання нанач калорый і, як вынік, атлусцення.

— Якімі прадуктамі лепш перакусіць?

— Выбірайце нешта карыснае, напрыклад, фруктовы батончык, хлебцы, горкі шакалад, сухафрукты, арэхі, пасцілу і г.д.

— Ці сапраўды пасля шасці гадзін вечара есці шкодна?

— Не. Я прымяркоўваю апошні прыём ежы не да часу, а да моманту адыходу да сну. Нехта кладзецца спаць «з пеўнямі», у 9 вечара, а нехта апоўначы. З аднаго боку, шкодны занадта вялікі перапынак паміж апошнім прыёмам ежы і сняданкам наступнага дня, а з іншага, не варта прымушаць ваш страўнікава-кішэчны тракт працаваць усю ноч і адкладаць з‘едзенае на бакі. Таму мая парада — апошні прыём ежы за 2-3 гадзіны да сну.

— Як не есці шмат нанач? Самы ж час зазірнуць раз і другі ў халадзільнік!

— Па вечарах мы часта «заядаем» не голад, а стрэс, стомленасць. Таму, перш, як сесці лішні раз за стол, падумайце, што апроч ежы вас супакойвае, расслабляе. Для некага гэта прагляд любімага фільма, для іншых — прагулка на свежым паветры.

А можа, вы галадаеце на працягу дня і вечарам наядаецеся за ўвесь дзень? Тады патрэбна наладзіць рэжым харчавання і не прапускаць асноўных прыёмаў ежы.

— Што лепш піць раніцай: чай ці каву?

— Лепш за ўсё выпіць шклянку вады. Што тычыцца любімай многімі кавы, то дакладна яе не варта піць нашча, гэта шкодна для страўніка. Кава павялічвае кіслотнасць страўнікавага соку і з’яўляецца жоўцегонным прадуктам. Калі не можаце без яе прачнуцца, то піце каву з малаком.

Таксама кава мае мачагонны эфект, таму яе аматарам раю піць больш вады, каб не было абязводжвання.

— Наогул, колькі вады патрэбна піць у дзень? Сустракаюцца парады пра 1,5 — 2 літры.

— Рэкамендацый насамрэч шмат, але апошнім часам доказная медыцына раіць піць столькі, колькі хочацца.

— Ці можна ежу запіваць вадой?

— Так. Тое, што вада нібыта «разбаўляе» страўнікавы сок — гэта міф. Піце, калі ёсць патрэба.

— Салодкія напоі шкодныя?

— Хутчэй так, чым не. Чаму? Яны ўтрымліваюць вялікую колькасць пустых, непажыўных калорый і цукру, а гэта адназначна прыводзіць да пераядання і атлусцення. Бо выпітай шклянкай колы ці іншай газіроўкі вы не заменіце паўнавартаснага абеду, пачуццё голаду вернецца хутка, а па каларыйнасці яны супадаюць.

— Ці трэба наогул адмаўляцца ад цукерак і іншых салодкасцей?

— Хачу адказаць так: галоўнае не ў тым, можна есці салодкасці ці нельга, а колькі можна. Цукеркі, пячэнькі, торцікі і іншыя смакоцці — гэта ежа для радасці. Чалавек павінен быць не толькі фізічна сыты, але і атрымаць задавальненне.

Салодкасці — гэта ежа, багатая на калорыі з нізкай пажыўнай каштоўнасцю. У вялікай колькасці яна шкодная для здароўя. Але радасць у жыцці таксама павінна быць. Даказана, што салодкасці ў памеры да 15% ад сутачнай каларыйнасці не шкодзяць арганізму.

— Жартуюць: «Лепш пераесці, чым недаспаць». Як уплывае сон на вагу?

— Даказана, што недахоп сну можа стаць прычынай атлусцення. Уначы ў арганізме выпрацоўваюцца гармон росту і мелатанін, якія з’яўляюцца ў тым ліку і спальвальнікамі тлушчу. А калі мы не спім, то пераважаюць картызол, грэлін, якія павялічваюць апетыт, што адпаведна прыводзіць і да набору вагі.

— Ці ёсць сакрэты, як есці і не набіраць вагу?

— Ешце з невялікіх талерак. Пачынайце прыём ежы з агародніны: яна дае аб‘ём, запаўняе страўнік. Пры складанні рацыёну прытрымлівайцеся так званага метаду талеркі: 1/2 аб‘ёму з‘едзенага павінны складаць агародніна, садавіна, зеляніна, ягады, у тым ліку свежыя, 1/4 — бялок (мяса, рыба, яйкі), 1/4 — вугляводы (хлеб, бульба, крупы, макаронныя вырабы). Дарэчы, малако і малочныя прадукты, а таксама арэхі па метадзе талеркі не лічацца: даросламу чалавеку рэкамендавана з‘ядаць у дзень 30 грамаў арэхаў, 150 г тварагу або 30 г сыру, выпіваць шклянку малака або кефіру.

Навучыцеся казаць «стоп», калі адчулі насычэнне: не трэба есці, таму што шкада выкінуць, даядаць за дзіцём. Насычэнне прыходзіць прыкладна праз 20 мінут ад пачатку прыёму ежы, таму не спяшайцеся, ешце павольна, думаючы пра ежу, яе смак, выгляд. Не ешце перад тэлевізарам ці з тэлефонам у руках.

— А якія дыеты варта прыняць да ўвагі, каб схуднець?

— Трэба зменшыць сутачную каларыйнасць прыкладна на 500 Ккал ад фізіялагічнай патрэбы. Але рацыён павінен заставацца збалансаваным.

Галоўнае — нельга галадаць, сядзець на «грэчцы на вадзе», бо гэта прывядзе да зваротнага эфекту за кошт змяншэння метабалізму (эвалюцыяй у нас закладзена — выжыць і зберагчы тлушч). Як толькі пачынаюцца жорсткія абмежаванні, метабалізм ваш адразу запавольваецца і менш выдаткоўваецца калорый. Вы заўважалі, што кожная наступная дыета дае ўсё меншы і меншы вынік? А потым вы зрываецеся і на запаволеным метабалізме набіраеце яшчэ большую вагу. Худнець таксама трэба правільна.

І, вядома, мае ролю спадчыннасць, таму не варта падстройвацца пад параметры сябровак ці суседак або наогул выдуманае аблічча.

— Ці ўплываюць на вагу заняткі спортам?

— Фізічная актыўнасць спрыяе спальванню тлушчаў, павялічвае адчувальнасць да інсуліну — зніжаецца інсулінарэзістэнтнасць. Так што спорт, фізкультура — гэта крок да пахудзення і ўтрымання вагі, а таксама добрая прафілактыка сардэчна-сасудзістых і шэрагу іншых хвароб.

Я жадаю вам атрымліваць ад ежы не толькі фізічнае насычэнне, але і задавальненне без шкоды для здароўя!

Гутарыла Ірына Сядова

Источник: www.budni.by

Печать

Советы

Статьи