Штогод у трэцюю нядзелю чэрвеня Беларусь адзначае Дзень медыцынскага работніка — свята тых, хто штодзень ратуе жыцці, змагаецца за здароўе пацыентаў і дорыць людзям надзею


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

 

Галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ Юрый Юзько і загадчык рэанімацыйнага аддзялення
Алег Лазаковіч падчас агляду пацыента.

Супрацоўнікі цэнтральнай раённай бальніцы — майстры сваёй справы, чые дакладныя веды, умераная стрыманасць і імгненная рэакцыя штодня робяць маленькія, а часам і вялікія медыцынскія цуды. Яны не проста лечаць, а вяртаюць пацыентам надзею, рухальную актыўнасць, магчымасць працаваць, жыць без болю. Гэта людзі з вялізным сэрцам і светлай душою, якія перажываюць за кожнага пацыента як за блізкага чалавека, усяляюць веру ў перамогу над хваробай. Яны ведаюць, што за кожнай гісторыяй чалавечы лёс, і робяць усё, каб ён склаўся шчасліва.

Медыцынская сястра Вольга Наталіч і ўрач-траўматолаг Максім Шамаль падчас аказання дапамогі маленькай пацыентцы.

За апошні час у раённай сферы аховы здароўя зроблена вельмі шмат, каб у рэжыме 24/7 аказваць усю неабходную дапамогу сваім пацыентам на высокім узроўні. Толькі ў мінулым годзе адкрылася абноўленае прыёмнае аддзяленне, доўгачаканы кабінет КТ, які абслугоўвае не толькі жыхароў Пружанскага раёна, але пры неабходнасці і суседніх. Станцыя хуткай дапамогі на 100% укамплектавана новымі аўтамабілямі з тэрмінам эксплуатацыі да 5 гадоў, значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, працягваецца закупка новага абсталявання. На пачатку гэтага года таксама адкрылася сучаснае эндаскапічнае падраздзяленне, якое кругласутачна праводзіць дыягнастычныя даследаванні.

— Ужо ў гэтым годзе ў бліжэйшы час мы чакаем адкрыцця яшчэ двух важнейшых аб’ектаў — педыятрычнага аддзялення паліклінікі і жаночай кансультацыі, дзе для маленькіх пружанцаў і іх маці будуць створаны ўсе ўмовы камфортнага знаходжання ў паліклініцы. Разам з тым, працягваюцца бягучыя рамонты, плануецца рэканструкцыя цэнтральнага стэрылізацыйнага аддзялення, — адзначыў галоўны ўрач ЦРБ Юрый Юзько. — Напярэдадні прафесійнага свята асобна хочацца падзякаваць ветэранам медыцынскай службы, якія сапраўды адданы любімай справе. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яны і зараз працягваюць шчыра працаваць, перадаюць вопыт маладым, ствараюць пазітыўную атмасферу ў калектыве. З 1 жніўня мы чакаем прыход маладых спецыялістаў сярэдняга і вышэйшага звёнаў, таму работы ў ветэранаў працы яшчэ пабольшае. Мы ўвесь час развіваемся, таму моладзі ёсць дзе і з чым працаваць, а ў астатнім ужо дапамогуць.

 

Фельчары-лабаранты Валянціна Мазоль і Таццяна Барысюк.

Галоўны ўрач таксама падкрэсліў, што маштабная рэканструкцыя і мадэрнізацыя ЦРБ будзе працягвацца і далей. У гэтым годзе па Указе Прэзідэнта ідзе планавая лічбавізацыя ўсёй сістэмы аховы здароўя. Безумоўна, гэта закране і ЦРБ, і ўжо ў другім паўгоддзі тут будзе ўстаноўлена больш за 130 новых камп’ютараў, закупленых па лініі Міністэрства аховы здароўя. Адзіная электронная сістэма лічбавай амбулаторнай карты, лічбавай гісторыі хваробы дазволіць даведацца аб канкрэтным пацыенце ў любой лячэбнай установе краіны.

Работнікі прыёмнага аддзялення — старшая медыцынская
сястра Ніна Каляда і медыцынская сястра Марыя Кароль.


Юрый Віктаравіч таксама адзначыў важнасць работы ўсіх структурных звёнаў, хто мае дачыненне да працы ў сферы медыцыны: дактароў, медыцынскіх сясцёр, лабарантаў, санітарак, вадзіцеляў, работнікаў харчаблока, пральнай, стэрылізацыйных… Кожны з іх уносіць неацэнны ўклад у агульную справу — стаіць на варце здароўя людзей. Таксама галоўны ўрач выказаў словы падзякі і віншавання ўсім калегам:

Калектыў траўматалагічнага аддзялення на чале з загадчыкам Андрэем Пачынчыкам.


— Ад усёй душы віншую вас з Днём медыцынскага работніка — святам, якое аб’ядноўвае ўсіх, хто прысвяціў сваё жыццё самай гуманнай і высакароднай прафесіі! У гэтае цудоўнае свята хочацца падзякаваць вам за штодзённы подзвіг, які патрабуе не толькі высокага прафесіяналізму, але і бязмежнай міласэрнасці, цярпення і душэўнай цеплыні. Вы — сапраўдныя героі ў белых халатах, якія стаяць на варце здароўя і жыцця сваіх пацыентаў. У нашай прафесіі выпадковых людзей не бывае. Дзякуй вам, што вяртаеце пацыентам надзею на шчаслівае заўтра.


Жадаю вам здзяйснення ўсіх мар, новых поспехаў і натхнення ў такой важнай і патрэбнай справе! Няхай у вашым жыцці будзе як мага больш падстаў для радасці, а ў працы — дасягненняў, якімі можна ганарыцца!

Здароўя вам, сіл і ўдзячных пацыентаў!

Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік

 

Печать

Советы

Статьи