У Пружанах прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскіх работнікаў
На вечары ўшанавання тых, каму мы давяраем наша здароўе, хто ратуе нас, калі яго страчваем, кульмінацыяй перад-святочнага мерапрыемства стаў паказ невялікага відэа, у якім адлюстраваліся фрагменты работы ўрачоў, медыцынскіх сясцёр, санітарак і іншых, хто звязаны з галіной аховы здароўя. А яшчэ гучала песня «Людзі ў белых халатах».
Усе, хто прысутнічаў на ўшанаванні, а былі тут не толькі медыцынскія работнікі, але і іх пацыенты, усталі ў знак павагі. І гэта ўсё заслужана. Як бы хто не брыдкасловіў на медыкаў, але, як нешта забаліць, мы ўсе ідзём да іх. І яны дапамагаюць, нягледзячы на час, свята або выхадны дзень.
З пружанскімі медработнікамі мне даводзілася цесна кантактаваць толькі па сваёй дзейнасці, няхай так будзе заўсёды. Скажу адно: нам ёсць перад кім схіляць галовы. Аб гэтым гаварылі падчас сваіх зваротаў да прысутных у зале старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Акрамя цёплых слоў, Міхаіл Міхайлавіч і Мікалай Пятровіч уручалі ўзнагароды лепшым медыцынскім работнікам. Імёны тых, хто ўдастоіўся ганаровых грамат, падзяк, мы публікавалі на старонках газеты.
Шмат цёплых слоў у адрас калег, падначаленых сказаў галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Юрый Юзько. Былі агучаны імёны, якія занесены на Дошку гонару ўстановы аховы здароўя. Юрый Віктаравіч уручыў пасведчанні і ганаровыя граматы.
Віншаванні гучалі і ад старшыні пярвічнай арганізацыі прафсаюзаў Ірыны Шэйка.
А яшчэ ўсім ветэранам аховы здароўя ўдзельнікі народнага танцавальнага калектыву «Спадчына» паднеслі кветкі.
Свае музычныя падарункі дарылі таленавітыя медыцынскія работнікі і майстры Палаца культуры.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара