Здароўе для ўсіх дорага


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

Ці менш хварэюць жыхары такіх аддаленых вёсак? Пра гэта дакладна ведае загадчыца Зеляневіцкага ФАПа Анастасія Шчарбовіч. Дзяўчына працуе тут паўгода па мэтавым накіраванні з Брэсцкага медыцынскага каледжа. За мінулы час асвоілася з абавязкамі займаемай пасады, пазнаёмілася з мясцовымі асаблівасцямі.

— У зоне маёй адказнасці 8 населеных пунктаў — Зеляневічы, Галоўчыцы, Кузявічы, Шэйпічы, Ярашэвічы, Мазалі, Зіновічы, Рачкі. У апошняй вёсцы ўвогуле толькі двое жыхароў,— расказвае Анастасія Аляксандраўна.— Але, тым не менш, любому патрэбна аднолькавая меддапамога, нягледзячы на адлегласць.


Фельчар ФАПа ажыццяўляе прыём ва ўстанове, але і нярэдка выязджае на канкрэтны адрас па выкліку. Дзякуючы поўнаму аснашчэнню, медыцынскае абслугоўванне «на месцы» або ў паходным варыянце аказваецца на аднолькавым узроўні. У выніку спецыяліст можа правесці амаль усе тэрапеўтычныя працэдуры, паставіць уколы, замерыць артэрыяльны ціск, зняць электракардыяграму. Здараецца, што і з траўмамі даводзіцца спраўляцца. Чаму нярэдка фельчара называюць універсальным медыкам. Нават і з-за таго, што ён прымае наведвальнікаў любога ўзросту — ад немаўляці да ветэранаў. Зразумела, што спецыяльная медыцынская дапамога даступна толькі ў буйных установах. Хаця і сюды рэгулярна прыязджае ўрач, каб арганізаваць зручны прыём пацыентаў. Гэта вызваляе мясцовых жыхароў ад неабходнасці далёка ехаць.

А яшчэ на базе ФАПа працуе мясцовая аптэка, дзе можна набыць найбольш запатрабаваныя лекі або заказаць нешта індывідуальнае. Што будзе прывезена ў самы кароткі тэрмін.

І калі меркаваць па загружанасці ўстановы, можна прыйсці да высновы адносна яе запатрабаванасці ў вяскоўцаў. Па словах Анастасіі Шчарбовіч, бывае, што і невялікая чарга ўтвараецца. Здараецца так не кожны дзень, тым больш што ФАП прымае ўсіх жадаючых 6 дзён на тыдзень, з 8 да 15 гадзін.

Алег Сідарэнка

Источник: budni.by

 

Печать

Советы

Статьи