Як правільна харчавацца ў летнюю спякоту? Адказы дала памочнік-урача-гігіеніста Алена Павядайка


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

Спякотныя дні становяцца сапраўдным выпрабаваннем для ўсяго арганізма. У нашай мясцовасці высокая вільготнасць паветра, таму лічбы за трыццаць градусаў з плюсам многімі людзьмі пераносяцца вельмі цяжка. Складаней за ўсё тым, хто мае залішнюю вагу, «букет» хранічных захворванняў, а таксама алергікам, гіпертонікам. І ім, і ўсім астатнім, каб знізіць нагрузку на арганізм, неабходна асаблівую ўвагу надаваць харчаванню, сачыць за тым, што ядзім і п’ём у спякотны перыяд. Каб атрымаць каштоўныя рэкамендацыі, мы звярнуліся да памочніка ўрача-гігіеніста Пружанскага раённага ЦГіЭ Алены Павядайка.

— У першую чаргу, ужывайце свежую агародніну, ягады і садавіну, як галоўную крыніцу клятчаткі, вітамінаў і мінералаў. Яны стануць выдатным дадаткам для такога карыснага сняданку, як каша, — падкрэслівае Алена Арцёмаўна, — Але ў вячэрні час сырую садавіну і агародніну лепш выключыць: яна можа выклікаць закісанне і дыскамфорт у страўніку. Гатуйце рагу, халодныя супы і халаднік, лёгкія фруктовыя і агароднінныя салаты, запраўленыя алеем, сокам цытрусавых або смятанай. Не забывайце пра зеляніну, дадавайце яе па магчымасці ва ўсе стравы, асабліва да мяса (заўважу, што ў спякотнае надвор’е ўжыванне мяса лепш абмежаваць або зусім ад яго адмовіцца). А перад сном дыетолагі рэкамендуюць кісламалочныя прадукты: кефір, тварог, ёгурт.

— Часта здараецца, што на працягу дня, калі не хочацца есці, мы можам крыху перакусіць, а з надыходам вечара прачынаецца раптоўны голад.

— У сувязі з гэтым трэба быць вельмі асцярожнымі, такі графік харчавання можа нанесці шкоду страваванню і садзейнічаць з’яўленню лішняй вагі. Снедаць лепш да 8 раніцы, абедаць апоўдні, а вячэраць пажадана да 18 гадзін. І галоўнае не забываць пра тое, што больш за ўсё калорый павінен утрымліваць сняданак, а вячэра па магчымасці быць дыетычнай.

У гэты час варта забыцца пра тлустае мяса, торты, бліны і маянэзныя салаты, такія як аліўе. Аднак гэта зусім не значыць, што трэба поўнасцю адмовіцца ад тлушчаў. Для запраўкі салатаў аддавайце перавагу нерафінаваным раслінным алеям, і ваш арганізм скажа вам «дзякуй».

— У спякоту ўвесь час мучыць смага. Чым лепш яе наталяць?

— Ні ў якім разе не чорным чаем і кавай! Абмяжуйце таксама ўжыванне сокаў і газіраваных напояў, яны дрэнна наталяюць смагу і падымаюць узровень цукру ў крыві. Аддавайце перавагу зялёнаму чаю і мінеральнай вадзе. Добра на працягу ўсяго дня кожную гадзіну выпіваць хаця б па невялікай шклянцы вады, пажадана з даданнем лімона.

Алкагольныя напоі ў спякоту піць катэгарычна не рэкамендуецца: яны павялічваюць потавыдзяленне, ствараюць лішнюю нагрузку на сэрца і ныркі, павялічваюць артэрыяльны ціск у асоб, схільных да гіпертаніі.

— А што наконт харчовых атручванняў? Ці сапраўды іх колькасць летам павялічваецца?

— Нягледзячы на тое, што садавіна і агародніна зараз даступныя практычна круглы год, ніякія дары прыроды з заморскіх краін не ідуць у параўнанне з мясцовымі агурочкамі, памідорчыкамі, перцамі, рознымі ягадамі і садавіной. Але разам з тым многія лічаць, што калі гэта ўсё — з уласнага агарода, то можна ўзяць прама з градкі ці галінкі і з’есці, у лепшым выпадку абцершы рукамі. І гэта вялікая памылка. Менавіта таму ўлетку так распаўсюджаныя харчовыя атручванні. Уся агародніна і садавіна павінна старанна мыцца пад праточнай вадой.

Таксама правільнае харчаванне летам — гэта і правільны падыход да яго арганізацыі. Вывучайце ўпакоўку прадуктаў, якія купляеце ў магазінах, звяртайце ўвагу на тэрміны прыдатнасці, умовы захоўвання. Асабліва ўважлівым трэба быць пры выбары малочнай прадукцыі, выпечкі і яек.

Правільна гатуйце і захоўвайце ежу. Прадукты, якія прастаялі на спякоце некалькі гадзін, становяцца добрым асяроддзем для размнажэння бактэрый. Мяса, яйкі і рыба ўлетку павінны падвяргацца дбайнай цеплавой апрацоўцы. Нават крыху не прасмажаны шашлык здольны прывесці да непрыемнасцей.

Выбірайце зберагальныя рэжымы цеплавой апрацоўкі прадуктаў: тушэнне, варэнне і запяканне. Каб лягчэй перанесці самую гарачую пару года, рабіце свой рацыён харчавання максімальна збалансаваным і карысным.

Харчуйцеся з задавальненнем — і будзьце здаровымі!

Гутарыла Ірына Велясевіч

Источник: www.budni.by

 

Печать

Советы

Статьи