Кабінет камп’ютарнай тамаграфіі і новы прыёмны пакой адкрылі ў Пружанскай ЦРБ


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

 

Знакавая падзея для ўсяго раёна. Менавіта з такім лейтматывам у аўторак, 5 лістапада, прайшло ўрачыстае адкрыццё новага прыёмнага пакоя з кабінетам камп’ютарнай тамаграфіі.

Работы па ўзвядзенні гэтага аб’екта пачаліся ў мінулагоднім кастрычніку. І, нарэшце, ён адчыніў свае дзверы. Нарэшце, таму што раней пружанцам па такую паслугу даводзілася ехаць у іншыя гарады вобласці. Цяпер жа КТ можна прайсці непасрэдна па месцы жыхарства.

Удзел ва ўрачыстасці прынялі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь, намеснік міністра аховы здароўя Святлана Нячай, намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Краўчук, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Віктар Міхалоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Юрый Наркевіч, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.

Як запэўніў намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Краўчук, гэта падзея — яскравы прыклад таго, што ахове здароўя на Брэстчыне надаецца значная ўвага. Падобныя высокія тэхналогіі з цягам часу абавязкова прыйдуць нават у пярвічныя медыцынскія ўстановы на вёсцы.

— Доказам таму з’яўляецца тое, што сёлета мы адкрываем трэці КТ у вобласці, а ўвогуле такіх дыягнастычных кабінетаў на Брэстчыне дзейнічае 21. Прытым што 10 гадоў таму было ўсяго 5, — падкрэсліў Вадзім Васільевіч.

Чырвоную стужку перарэзваюць старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, галоўны ўрач ЦРБ Юрый Юзько, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Святлана Нячай, намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Краўчук.

Фінансаванне будаўніцтва вялося з раённага і абласнога бюджэтаў, усяго было выдаткавана больш за 3,7 мільёна рублёў. Гэтая дзяржаўная падтрымка накіравана на істотнае паляпшэнне здароўя насельніцтва, а яшчэ паўплывае на дэмаграфію. Таму што, як зазначыў галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ Юрый Юзько, працаваць у такіх умовах маладыя спецыялісты застаюцца ахвотней.

Нягледзячы на даволі адчувальную суму фінансавання, са свайго боку галоўны санітарны урач краіны Святлана Нячай запэўніла, што нават на ўзроўні вобласці такая падзея ўжо не з’яўляецца дзівам.

— Дзякуючы эканамічным магчымасцям Беларусі мы можам дазволіць сабе накіроўваць важкія сродкі ў галіну медыцыны, як і ў іншыя сацыяльныя сферы жыцця грамадства, — запэўніла Святлана Уладзіміраўна.

У сваім выступленні старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч выказаў шчырую падзяку як кіраўніцтву вобласці за арганізацыйную і фінансавую падтрымку, так і будаўнікам ПМК-21, якія шчыравалі на гэтым аб’екце, і асабіста кіраўніку прадпрыемства, ганароваму грамадзяніну Пружаншчыны Васілію Лук’янчуку. Пры гэтым словы ўдзячнасці ён выказаў «з далёкім прыцэлам».

— Ёсць намеры працягваць рэканструяваць аб’екты аховы здароўя. Побач ужо ідзе абнаўленне былога будынка санстанцыі, дзе хутка адкрыюцца дзіцячая паліклініка і жаночая кансультацыя. Разглядаецца пытанне з цеплавой рэабілітацыяй іншых будынкаў раённай бальніцы, нават ужо падлічана, што спатрэбіцца 6-7 мільёнаў рублёў, — анансаваў будучыя праекты Міхаіл Міхайлавіч. — Ёсць яшчэ перспектыўныя задумкі, якія закрануць іншыя сацыяльныя аб’екты.

Наведвальнікаў ужо чакаюць загадчыца рэнтгенаўскага аддзялення Ганна Калач і рэнтген-лабаранты Сяргей Чараднічэнка і Святлана Астапук.

Пасля ўрачыстага перарэзвання чырвонай стужкі госці і іншыя ўдзельнікі падзеі прайшлі па новым медыцынскім будынку. Падчас знаёмства з асаблівасцямі аб’екта вялася гутарка аб іншых тэхналогіях, якія могуць быць запатрабаваныя на Пружаншчыне. Таксама абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння галіны аховы здароўя з іншымі раённымі арганізацыямі, вырашэння кадравых нюансаў пружанскай медыцыны.

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік

Источник: www.budni.by

 

Печать

Советы

Статьи