Травматологическому отделению Пружанской ЦРБ исполнилось 10 лет
Траўматалагічнае аддзяленне — адно з самых маладых структурных падраздзяленняў Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Адлік яго гісторыі пачаўся першага красавіка дзесяць гадоў таму. З якімі вынікамі наблізіліся да гэтай даты пружанскія траўматолагі, у рэпартажы карэспандэнтаў «раёнкі».
Загадчык Андрэй Іванавіч Пачынчык і заснавальнік траўматалагічнага аддзялення ўрач Іван Мікалаевіч Пачынчык.
Калектыў траўматалагічнага аддзялення называе сваім «хросным бацькам» Івана Мікалаевіча Пачынчыка, былога галоўнага ўрача бальніцы, пры чыёй падтрымцы траўматалогія і была ў 2009 годзе вылучана ў асобнае падраздзяленне. Першапачаткова для лячэння пацыентаў з траўмамі, якія патрабуюць хірургічнага лячэння, было выдзелена некалькі ложкаў у хірургічным аддзяленні бальніцы. А неўзабаве траўматалогія пераехала ў памяшканні былога гінекалагічнага аддзялення.
Сёння калектыў аддзялення — гэта 18 чалавек: два ўрачы-траўматолагі, а таксама сярэдні і малодшы медыцынскі персанал. На працягу дзесяці гадоў нязменным загадчыкам аддзялення з’яўляецца Андрэй Іванавіч Пачынчык — як зазначаюць і падначаленыя, і пацыенты, прафесіянал сваёй справы з вялікай літары.
Невыпадкова сваё аддзяленне калектыў траўматалогіі называе перадавой бальніцы: менавіта сюды паступае вялікая частка тых, каго экстранна даставілі ў бальніцу. За дзесяць гадоў гэтыя людзі ў белых халатах пралячылі каля 10 тысяч чалавек, большасці з якіх былі патрэбны аперацыі (на пачатак года тут было праведзена без малога 6800 аперацый).
Вылучыўшы ў сваім шчыльным працоўным графіку час для гутаркі з карэспандэнтамі, Андрэй Іванавіч расказвае пра свае працоўныя будні.
— Калі толькі прыйшоў на працу, траўматалогія ўваходзіла ў склад хірургічнага аддзялення. Практычна ўсім пацыентам назначалася аднолькавае лячэнне — шкілетнае нацяжэнне. У выніку нярэдка для пажылых людзей такія траўмы, як пералом шэйкі сцягна, маглі закончыцца смяротным зыходам. На «выцяжцы» яны зараблялі сабе пролежні, пнеўманіі і іншыя спадарожныя праблемы. Метад шкілетнага нацяжэння, безумоўна, добры, але не самы камфортны для пацыента. Сучасныя ж тэхналогіі дазваляюць прыкладна 70% паступіўшым у аддзяленне зрабіць аперацыю. У выніку пацыенты праводзяць у бальніцы не па паўгода, як раней, а да дзесяці дзён, і маюць камфортныя ўмовы для рэабілітацыі, дазваляюць пажылым пацыентам устаць на ногі.
Прафесіяналізм урачоў у сукупнасці з магчымасцямі, якія дае падчас аперацый электронна-аптычны пераўтваральнік, дазваляе праводзіць на базе раённай бальніцы даволі складаныя аперацыі. Да слова, менавіта рэзанансныя, самыя складаныя траўмы, з якімі даводзілася мець справу падчас урачэбнай практыкі, найбольш запамінаюцца медыкам.
— Бадай, адной з самых запамінальных стала аперацыя, праведзеная пару гадоў таму дзяўчыне, якая была ахвярай мотааварыі: пацыентка магла застацца без нагі. Дзякуй Богу, аперацыя, для ўдзелу ў якой прыехалі і спецыялісты з вобласці, прайшла паспяхова, — успамінае А.І.Пачынчык. — Увогуле самыя страшныя траўмы — у выніку мотааварый. Летась, напрыклад, ратавалі канечнасць пасажырцы матацыкла, якая ўвогуле цудам засталася жывой…
Таццяна Леанідаўна Трафімовіч і Андрэй Іванавіч Пачынчык падчас аперацыі.
У траўматолагаў наступае самы напружаны час.
— Высокім траўматызмам заўсёды вылучаліся зімнія месяцы. Але на працягу некалькіх апошніх гадоў сітуацыя змянілася. Прычына банальная. Жанчыны рыхтуюцца да Вялікадня: мыюць вокны, вешаюць цюль — з-за неасцярожнасці падаюць і трапляюць да нас у аддзяленне, — тлумачыць загадчык траўматалагічнага аддзялення. — А неўзабаве і лета — пара дзіцячага траўматызму.
Варта адзначыць, што за дзесяць гадоў у калектыву аддзялення ўжо нямала ўдзячных пацыентаў. Акрамя шматлікіх слоў удзячнасці, сказаных праз раённую газету, людзі з розных куткоў свету дасылаюць пружанскім траўматолагам паштоўкі, віншуюць з прафесійным святам.
Ірына Кічкайла, Алена Карунас, Валянціна Гуняшова, Сняжана Матчэня, Святлана Жэдзік.
— Гэтую паштоўку, напрыклад, мы атрымалі ад дзяўчыны з Тулы: яна ўдзельнічала ў велапрабегу і атрымала траўму, — расказвае старшая медсястра аддзялення Ірына Шэйко. — Калі патрэбна планавае лячэнне, да нас прыязджаюць нават з абласнога цэнтра. Цяпер, напрыклад, ляжыць жанчына з Галандыі. Настолькі давяраюць Андрэю Іванавічу.
Каб быць у курсе найноўшых падзей у галіне траўматалогіі, ведаць пра апошнія дасягненні ў медыцыне, развіваць свае веды і практычныя навыкі, А.І.Пачынчык рэгулярна ўдзельнічае ў міжнародных кангрэсах, канферэнцыях, якія праходзяць у Чэхіі, Польшчы, Германіі, звяртаецца да камп’ютарных і тэлекамунікацыйных тэхналогій для абмену медыцынскай інфармацыяй.
Таццяна Трафімовіч, Ірына Шэйко, Ірына Кашына, Наталля Аўгусціновіч, Вольга Наталіч, Наталля Кот.
Ніколькі не прымяншаючы прафесіяналізм урачоў, хочацца зазначыць, што бездакорная рэпутацыя траўматалагічнага аддзялення — усё-такі заслуга ўсяго калектыву. Без перабольшвання, гэты калектыў можна назваць адным з самых дружных, вясёлых, крэатыўных і таленавітых. Паводле слоў І.М.Шэйко, тут усё робяць разам: і пацыентаў лечаць, і адпачываюць.
— А як інакш!? Мы ж — адна каманда, — гаворыць Ірына Мікалаеўна. — Кожны з нас прыходзіць на работу з мэтай не проста дапамагаць людзям: галоўнае — не падвесці нашага загадчыка, працаваць так, каб не было сорамна.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).