Пружаны ул. Мицкевича, 27 (016 32) 3-41-80, 3-42-95

69813 instagram logo computer royalty free icons free download png hq OK

Рэвакцынацыя ад COVID-19 неабходна? Тлумачыць загадчыца аддзялення агульнай практыкі Пружанскай ЦРБ Жанна Ісакава


— Цяпер эпідэміялагічная абстаноўка па COVID-19 больш-менш спакойная. Але ж кажуць, што тым, хто прайшоў поўны курс вакцынацыі, усё роўна неабходна рэвакцынавацца. Хто можа гэта патлумачыць?

Са званка ў рэдакцыю.

Чаму рэвакцынавацца трэба і якой вакцынай лепш гэта рабіць, расказала загадчыца аддзялення агульнай практыкі Пружанскай ЦРБ Жанна Жанаўна Ісакава.

— Рэвакцынацыя патрэбна для ўзмацнення імунітэту, таму што пасля асноўнай вакцынацыі з часам цітр антыцел зніжаецца. Калі арганізм не сустракаецца з вірусам, актыўнасць антыцел памяншаецца. На жаль, пакуль не даказана існаванне вакцыны, якая будзе выпрацоўваць імунітэт на ўсё жыццё. І нам, зноў-такі, на жаль, ужо заўсёды давядзецца жыць з каранавіруснай інфекцыяй. Так, вірусолагі прагназуюць, што яна пяройдзе ў разрад сезонных, але, зноў жа, сезонная інфекцыя мае схільнасць муціраваць, таксама як, напрыклад, вірус грыпу.

Кожны год праводзяцца даследаванні, у працэсе якіх высвятляецца, які штам грыпу будзе пераважаць, і на падставе гэтага падбіраецца вакцына. Мяркуецца, што падобным чынам сітуацыя будзе складвацца і з каранавіруснай інфекцыяй. Таму нам трэба ад яе абараняцца. Гэтая інфекцыя — адна з тых, што не праходзяць бясследна, маюць шмат ускладненняў нават пры лёгкай форме хваробы.

Рэвакцынавацца варта менавіта ў перыяд зацішша для таго, каб атрымаць поўны набор антыцел, а гэты працэс займае ад двух да трох тыдняў.

Людзям, якія раней былі прышчэплены, неабходна зрабіць першую рэвакцынацыю прыкладна праз сем месяцаў пасля праведзенага поўнага курса вакцынацыі. Потым праз кожныя паўгода прадугледжана наступная рэвакцынацыя. Колькасць іх на дадзены момант не абмяжоўваецца, таму што мы пакуль не можам спрагназаваць далейшае эпідэміялагічнае становішча і паводзіны віруса COVID-19.

У нас асноўная маса людзей будзе рэвакцынавана прэпаратам «Спадарожнік Лайт». Яго можна выкарыстоўваць у якасці бустарнай (дадатковай) вакцыны пасля прышчэпкі «Спадарожнікам-V», «КовіВакам» і кітайскай вакцынай. Ён ёсць у наяўнасці ў дастатковай колькасці, таму, пакуль яшчэ захоўваецца зацішша па каранавіруснай інфекцыі, запрашаем усіх прайсці рэвакцынацыю.

Ужо зараз работнікі райбальніцы выязджаюць на ФАПы, у арганізацыі горада для правядзення рэвакцынацыі. Таксама ўсе жадаючыя могуць наведацца ў паліклініку і прайсці рэвакцынацыю на месцы.

Клопат аб вашым здароўі ў вашых руках!

Падрыхтавала Вольга Вадзяновіч

Советы

Статьи