Дыспансерызацыя па-новаму. Пра ўсе нюансы расказалі ў Пружанскай ЦРБ
З 1 студзеня ў Беларусі, згодна з Пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 9 жніўня 2022 года № 83, пачаў дзейнічаць новы парадак праходжання дыспансерызацыі. Мы атрымалі шэраг пытанняў з просьбай патлумачыць гэтае новаўвядзенне. На іх адказвае загадчыца аддзялення агульнай урачэбнай практыкі Пружанскай ЦРБ Жанна Ісакава.
— Жанна Жанаўна, як часта давядзецца праходзіць дыспансерызацыю?
— Людзям ва ўзросце 18-39 гадоў цяпер трэба праходзіць дыспансерызацыю не радзей, чым раз на тры гады. Другая група — 40 гадоў і старэйшыя, для іх дыспансерызацыя праводзіцца штогод.
Асноўнае новаўвядзенне падчас дыспансерызацыі — гэта анкетаванне дарослага насельніцтва незалежна ад узросту. Па яго выніках выяўляюцца фактары рызыкі чатырох груп асноўных неінфекцыйных хвароб. Гэта хваробы сістэмы кровазвароту, цукровы дыябет другога тыпу, хранічныя абструкцыйныя хваробы лёгкіх і анкалагічныя захворванні.
— Якая розніца паміж дыспансерызацыяй і абавязковымі медыцынскімі аглядамі? Ці не будзе гэта дубліраваннем?
— Абавязковыя медыцынскія агляды праводзяцца ў рамках Закона «Аб ахове працы». Падчас іх ацэньваецца магчымасць работніка выконваць тую або іншую работу. А дыспансерызацыя больш накіравана на актыўную прапаганду здаровага ладу жыцця, выхаванне ў кожнага з нас адказных адносін да ўласнага здароўя і, зразумела, ранняе выяўленне фактараў рызыкі і прадухіленне развіцця хранічных захворванняў.
— Колькі часу зойме праходжанне дыспансернага абследавання?
— Літаральна адзін дзень. Пацыент праходзіць анкетаванне, яму вымяраюць рост, вагу, акружнасць таліі, вызначаюць індэкс масы цела, аглядаюць поласць рота і скуру, вымяраюць артэрыяльны ціск. У выпадку неабходнасці робяць кардыяграму, а людзям, якія старэйшыя за 40 гадоў, вымяраюць унутрывочны ціск. Калі гэта неабходна, пацыента накіроўваюць на аналіз крыві на глюкозу і халестэрын, мужчын — на вызначэнне прастатспецыфічнага антыгену. Жанчын таксама накіроўваюць у аглядальны кабінет і на мамаграфію, правядзенне якой у хуткім часе адновіцца ў ЦРБ.
— Пружанская паліклініка ўжо гатова да дыспансерызацыі?
— Падрыхтоўчая праца завершана, а практыка першых дзён работы ў гэтым накірунку пакажа, якія разумныя змены неабходна яшчэ ўнесці ў працэс. У той жа час кожны павінен засвоіць, што праходзіць дыспансерызацыю важна і трэба. Новы акцэнт на прафілактычны накірунак дапаможа зрабіць пацыента актыўным удзельнікам кантролю за сваім здароўем і павысіць адказнасць за яго стан.
Гутарыла Ірына Сядова
Источник: budni.by