Урач псіхіятр-нарколаг Вікторыя Смаль расказала пра негатыўны ўплыў курэння на здароўе і дала парады тым, хто хоча адмовіцца ад шкоднай звычкі
Урач псіхіятр-нарколаг Пружанскай ЦРБ Вікторыя Смаль адказала на пытанні журналіста, якія тычыліся адной з самых распаўсюджаных шкодных звычак — курэння. Як, здавалася б, не такая ўжо і страшная звычка ўплывае на арганізм, якія могуць быць наступствы і што трэба рабіць, калі вы прынялі рашэнне выдаліць цыгарэты са свайго жыцця.
— Вікторыя Віктараўна, спачатку давайце расставім кропкі над «і»: курэнне — усё ж залежнасць або звычка?
— Калі яно носіць пастаянны характар, то гэта стапрацэнтная нікацінавая залежнасць, бо асноўнае рэчыва, якое паступае ў арганізм з курэннем цыгарэт — нікацін. Ён трапляе ў галаўны мозг, вызваляючы дофамінавыя рэцэптары. І ад гэтага чалавек атрымлівае задавальненне. Па хуткасці ўздзеяння на галаўны мозг нікацін можна параўнаць з гераінам і падобнымі відамі наркотыкаў.
— Але гэта больш фізічная залежнасць ці псіхалагічная?
— Любая залежнасць фарміруецца на падставе некалькіх фактараў: біялагічнага, сацыяльнага і псіхалагічнага. Тытунёвая таксама складаецца з усіх трох кампанентаў. Напрыклад, біялагічны: арганізм прывыкае да рэакцыі цела на паступленне нікаціну. Псіхалагічны: чалавек адчувае задавальненне ад курэння, заспакаенне, зняцце псіхаэмацыйнага напружання. Ну, і сацыяльны аспект: сябры і сваякі, якія кураць, стварэнне рамантычнага вобразу курца ў фільмах ці літаратуры.
— Які ўплыў аказвае курэнне на арганізм?
— Наступстваў ад курэння вельмі шмат. Нікацін трапляе абсалютна ў кожную клетачку нашага цела. У яго вельмі высокая біядаступнасць: праз 15 секунд пасля першай зацяжкі нікацін трапляе ў галаўны мозг. А першым органам-мішэнню з’яўляюцца, вядома, лёгкія. Ад рэгулярнага курэння ўсе шкодныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў цыгарэце акрамя нікаціну, асядаюць ў лёгкіх, тым самым павялічваючы рызыку ўзнікнення захворванняў дыхальных шляхоў.
— Многія цяпер замяняюць моцныя цыгарэты на лёгкія, для меншай шкоды.
— На самай справе, меркаванне, што лёгкія цыгарэты не такія шкодныя, гэта міф. У курца ёсць патрэба ў вызначанай колькасці нікаціну, да якога ён прывык. Каб арганізм атрымаў сваю патрэбную «дозу», курэц будзе, напрыклад, даўжэй затрымліваць тытунёвы дым у лёгкіх, альбо часцей стане закурваць. Так што меншая шкода, — гэта ілюзія, якую людзі самі ствараюць для ўласнага заспакаення.
— А што Вы скажаце пра бяспеку электронных цыгарэт?
— Калі ў рамках утрымання нейкіх дадатковых рэчываў, якія ёсць у звычайных цыгарэтах і няма ў электронных, то, сапраўды, можна гіпатэтычна меркаваць, што апошнія менш небяспечныя. Бо там утрымліваецца толькі чысты нікацін ці іншыя прадукты, якія не выклікаюць эфектаў гарэння. У гэтым выпадку, акрамя нікаціну, іншыя канцэрагены ў арганізм трапляць не будуць.
Але ж замена не азначае, што ў чалавека знікне нікацінавая залежнасць: у яго арганізм трапляе такі ж нікацін.
— Што Вы параіце рабіць чалавеку, калі ён вырашыў кінуць курыць?
— Таму, хто актыўна курыць, кінуць не так проста, бо тытунезалежнасць параўнальная з высокай наркатычнай залежнасцю. Калі чалавек адмаўляецца ад тытуню, узнікае сіндром адмены. Ён праяўляецца як фізічна, так і псіхічна. Могуць з’яўляцца спазмы, кашаль, парушэнне сэрцабіцця. Але самыя частыя праявы — дысфарычныя, гэта значыць, расстройствы настрою. Пры адсутнасці нікаціну няма вызвалення звыклага «гармону радасці». У выніку ў чалавека парушаюцца настрой, сон, з’яўляюцца агрэсія і раздражненне. Яго паводзіны могуць стаць абсалютна непрадказальнымі. Адпаведна, з гэтым самому вельмі цяжка змагацца.
Таксама для многіх курэнне — гэта і пэўны рытуал, які сам па сабе супакойвае. Неабходна шукаць замену гэтаму рытуалу, выкарыстоўваць розныя дапаможныя сродкі. У першую чаргу, псіхатэрапію, розныя самастойныя расслабляльныя практыкі. Напрыклад, варта часцей гуляць на свежым паветры, пачаць займацца спортам. Дапамагае ўпэўніцца ў правільнасці сваіх дзеянняў чытанне літаратуры пра карысці адмовы ад курэння.
Але на першапачатковы — востры — перыяд абавязкова неабходна замена нікаціну. Арганізм, які прывык да вялікіх яго доз, трэба адвучаць паступова. Выкарыстоўваюцца розныя спецыяльнія замяняльнікі: нікацінавыя пластыры, нікацінавыя інгалятары, нікацінавыя ледзяшы і жавальныя гумкі.
Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік