Будучыя медбрат і медсястра Максім Палякоў і Анастасія Жак — пра выбар прафесіі, далейшыя планы і пераддыпломную практыку ў Пружанскай ЦРБ


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

Тэрапеўтычнае аддзяленне. Раніца. Цішыню ў калідоры раптам парушае моцны крык болю і адчаю. Пацыентцы стала дрэнна, яе тэрмінова пераводзяць у рэанімацыю… У гэты момант журналіст, як, мабыць, і любы чалавек, адчувае страх, а яшчэ ўспамінаюцца кадры з серыялаў пра медыкаў. Самім жа медработнікам даць волю пачуццям проста недаравальна. Нават калі ты яшчэ не дыпламаваны спецыяліст, а ўсяго толькі вучышся.

Максім Палякоў і Анастасія Жак — навучэнцы Слонімскага медыцынскага каледжа. На гэтым тыдні ў будучых медыкаў завяршылася пераддыпломная практыка. Зусім хутка іх чакае дзяржаўны экзамен, у ліпені яны атрымаюць дыпломы, пасля ж зноў адправяцца дапамагаць людзям. Максім — у родны Рэчыцкі раён, ураджэнка Ружан Анастасія застанецца на Пружаншчыне.

У кожнага з практыкантаў свая дарога ў прафесію. Так Максім Палякоў расказвае, што спачатку планаваў пайсці ў навучальную ўстанову МУС. У выніку ж вырашыў стаць медбратам.

— Гэта толькі на першы погляд здаецца, што «сястрынская справа» — выключна жаночая. У многіх сітуацыях, з якімі даводзілася сутыкацца падчас практыкі ў Кобрыне, Ваўкавыску і тут, у Пружанах, мужчынская рука проста неабходная. Пасля заканчэння каледжа мяне чакае пяцігадовая адпрацоўка па мэтавым накіраванні. Ці шкадую, што ўзяў яго? Ніколькі. Я ведаў, куды іду, вызначыўся, чаго хачу ад жыцця. А калі прафесія падабаецца, то і працаваць у радасць! — кажа Максім.

У ружанкі Анастасіі Жак урачом працуе хросная, але дзяўчына прызнаецца, што выбірала прафесію самастойна. Кажа, што вельмі хацелася не проста быць карыснай людзям, але і ўмець ім дапамагчы. На практыцы ў Пружанскай ЦРБ пабывала ў другі раз. Акрамя тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы, пераймала вопыт ад будучых калег у хірургіі, педыятрыі, дзіцячай і дарослай паліклініках. Працаваць жа вельмі хацела б на малой радзіме, у Ружанскай гарадской бальніцы.

— Сітуацыі бываюць розныя. З такой, якая адбылася сёння, ужо даводзілася сутыкацца, — расказвае Анастасія. — Але, напэўна, у гэтым і ёсць асаблівасць нашай прафесіі: ты ўвесь час вучышся чамусьці новаму, часам змагаешся з самім сабой.

— Безумоўна, гэта так, — падтрымлівае Максім. — У кожнай новай медустанове, дзе даводзілася бываць, мы штораз атрымлівалі новы вопыт. Дзякуй галоўнай медсястры райбальніцы Марыі Грышкевіч, якая расказвала і падказвала, дзялілася ведамі. Дзякуй усім, з кім мы працавалі падчас практыкі. А яшчэ каледжу — за камфортны інтэрнат, дзе мы жылі.

Адметна, што і Максіму, і Анастасіі куды больш за папяровую работу, якой не пазбаўлены ўсе медыкі, падабаюцца зносіны з пацыентамі, выкананне рознага роду ўрачэбных прызначэнняў. Пры гэтым абодва ўпэўнены, што кожны медыцынскі работнік павінен быць добрым і спагадлівым, праніклівым і назіральным, упэўненым у сабе, гатовым у любую мінуту прыйсці на дапамогу чалавеку. Ну, і зразумела, што крыху псіхолагам таксама. Па словах будучых медсястры і медбрата, у тым ліку і гэтаму іх вучылі на практыцы. Таму ісці ў прафесію не страшна. Галоўнае, каб пры гэтым была падтрымка старэйшых калег, а яшчэ вера ў сябе і ва ўласныя сілы.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Источник: http://www.budni.by/?p=53455

 

Печать

Советы

Статьи