Напярэдадні Дня акушэркі і медыцынскай сястры карэспандэнты завіталі ў акушэрскае аддзяленне Пружанскай ЦРБ
Не існуе нязначных прафесій. Прэстыж той ці іншай часам вызначаецца стэрэатыпамі грамадства. Але ўсё ж такі ёсць праца, якая вызначаецца сярод шэрагу астатніх сваёй высакароднасцю і значнасцю, бо звязана яна… з новым жыццём. 5 мая адзначаўся Міжнародны дзень акушэркі, а 12-га – медыцынскай сястры. Напярэдадні гэтых дат мы сустрэліся з персаналам акушэрскага і гінекалагічнага аддзялення стацыянара Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы, каб даведацца, як праходзяць будні спецыялістаў.
Урач акушэр-гінеколаг загадчыца акушэрскага і гінекалагічнага аддзялення Святлана Карповіч, урач гінеколаг Яўгенія Карачун, старшая акушэрка Ірына Курыловіч
Загадчыцай акушэрскага і гінекалагічнага аддзялення стацыянара з’яўляецца ўрач акушэр-гінеколаг Святлана Карповіч, працоўны стаж якой складае 40 год. Цікава задумацца, колькім дзецям доктар дапамагла з’явіцца на свет…
– Што тут казаць, прымала роды ў прадстаўніц розных пакаленняў адной сям‘і: сваіх дзяцей нараджаюць ужо ўнучкі маіх першых пацыентак. Дарэчы, практычна і ўсе ўрачы нашай бальніцы нараджалі ў нашым аддзяленні, – кажа Святлана Вячаславаўна.
Акушэрскае аддзяленне – гэта перынатальны цэнтр першага ўзроўню. Калі казаць простымі словамі, то парадзіхі з ускладненнямі накіроўваюцца нараджаць у адпаведныя ўстановы аховы здароўя больш высокага ўзроўню, таксама як і жанчыны, цяжарныя блізнятамі ці двайнятамі, узроставыя парадзіхі (жанчыны ва ўзросце ад 35 год і старэйшыя), бо яны ўваходзяць у катэгорыю рызыкі па разнастайных акушэрскіх паталогіях.
– У радзільных дамах больш вялікіх гарадоў вельмі імклівы паток родаў: па 15-18 толькі за ноч, – заўважае загадчыца аддзялення. – У нас жа ў сярэднім ляжыць 4-6 жанчын пасля родаў. Адпаведна, уся ўвага медперсаналу накіравана на дзіця і маці. Тым, у каго было кесарава сячэнне, мы даём адпачыць: вяртаем дзіця праз двое-трое сутак, што, паверце, з’яўляецца сур’ёзнай палёгкай для жанчыны.
Акушэрскае аддзяленне разлічана на 20 ложкаў. Адначасова ў адной палаце могуць знаходзіцца трое дарослых і тры немаўляці. У аддзяленні прадугледжана сумеснае знаходжанне цяжарных, пасляродавых пацыентак, жанчын з паталогіямі цяжарнасці – яны ляжаць усе разам. Ёсць палата павышанай камфортнасці.
У склад акушэрскага аддзялення ўваходзіць палата нованароджаных. Адразу пасля з’яўлення на свет выяўляюцца магчымыя праблемы са здароўем дзіцяці. У выпадку, калі ўрач-неанатолаг выяўляе іх, немаўля накіроўваецца ў палату нованароджаных для далейшага лячэння. Калі дзіця нараджаецца здаровае, яно знаходзіцца разам з маці.
– Жанчыны з усяго Пружанскага раёна нараджаюць дзяцей у нашым аддзяленні. У мінулым годзе на свет з’явіліся 277 чалавек, але, на жаль, з кожным годам назіраецца сумная тэндэнцыя да памяншэння колькасці родаў, – адзначае Святлана Вячаславаўна.
У аддзяленні працуе пяць акушэрак, а ўсяго ў акушэрскім і гінекалагічным аддзяленнях – больш за 30 чалавек, якія выконваюць работу якасна і з вялікай уважлівасцю ставяцца да сваіх пацыентаў.
– Цяжарныя жанчыны звычайна прыходзяць да нас падрыхтаваныя, і мы, са свайго боку, таксама пра гэта клапоцімся: у жаночай кансультацыі працуе школа маладой маці, школа псіхапрафілактычнай падрыхтоўкі да родаў, – зазначае загадчыца аддзялення. – Канечне, усе мы індывідуальныя асобы, у кожнага розны парог болевай адчувальнасці, характар, прэтэнзіі. У любым выпадку шукаем падыход да кожнай пацыенткі.
– А каго нараджаецца больш, хлопчыкаў ці дзяўчынак?
– Па вопыце скажу, што нараджаецца прыкладна аднолькавая колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак, – кажа старшая акушэрка Ірына Курыловіч. – Нас больш цікавіць не пол, а вага дзяцей, таму што гэта важны паказчык здароўя немаўляці. Сапраўды шкада, калі нараджаецца неданошанае дзіця, але такія выпадкі крайне рэдкія: у год – 1-3 здарэнні. Бываюць і такія сур’ёзныя цяжкасці, як адслаенне плацэнты. На жаль, ад падобных праблем ніхто стапрацэнтна не застрахаваны, нават жанчыны, якія своечасова і дакладна праходзілі абследаванні.
У той жа час медыкі зазначаюць, што будучай маці неабходна з самага пачатку адказна паставіцца да цяжарнасці, сачыць за сваім здароўем і выконваць усе рэкамендацыі дактароў – тады ўсе рызыкі змяншаюцца ў шмат разоў.
– Падчас пандэміі каранавіруснай інфекцыі акушэрскае і гінекалагічнае аддзяленні былі закрыты. У палатах, дзе раней знаходзіліся мамы з дзеткамі, ляжалі хворыя на кавід… Мы ледзь дачакаліся, калі зноў пачуем гучны дзіцячы крык, пабачым вочы, поўныя першароднага шчасця, і пражывём гэтыя моцныя эмоцыі разам з нашымі пацыенткамі. А пасля правядзём мамачак і немаўлят у вялікі свет. І так бясконца, бо наша місія – дапамагаць жыццю працягвацца, – падвяла рысу гутарцы Ірына Іванаўна.
Выпіска Анастасіі Ягавенка
Выпіска жанчыны з дзіцём з радзільнага дома – асабліва хвалюючы момант. Два месяцы таму пашчасціла перажыць яго сям’і Анастасіі Ягавенка, якая нарадзіла ў Пружанскай ЦРБ дзяўчынку.
Шмат руж, паветраныя шарыкі, машына ў ружовых наклейках з надпісамі «Я за дачушкай» – усе гэтыя атрыбуты не толькі парадавалі маладую мамачку, але і падарылі ўсмешкі навакольным.
Знаёміцца з нованароджаным чалавекам у той дзень прыйшоў усхваляваны тата Андрэй, бабуля Ганна і старэйшая сястра Ксюша. Шасцігадовая дзяўчынка весела паведаміла, што чакае сустрэчы з малодшай сястрычкай, каб з ёй пагуляць.
Нарэшце, дзверы радзільні адчыняюцца. Шчаслівая і крыху стомленая матуля Анастасія з гонарам паказвае малышку Машу, і, здаецца, сэрцы ўсіх прысутных пачынаюць біцца ва ўнісон, перапаўняюцца невымоўнай радасцю.
– Кажуць, што звычайна дзеткі з‘яўляюцца на свет па начах, але Маша нарадзілася днём. Дзякуючы ўважлівасці і падтрымцы медыцынскай брыгады, роды прайшлі добра, сам працэс заняў усяго чатыры гадзіны, – кажа Анастасія Ягавенка. – Хочацца адзначыць высокі прафесіяналізм акушэра-гінеколага Яўгеніі Карачун, акушэркі Алены Цюшкевіч. Асаблівую падзяку хацелася б выказаць урачу-неанатолагу Ларысе Тагіевай, якая адразу заўважыла пэўную праблему нованароджанай дачушкі. Дзякуючы своечасовай дыягностыцы і якаснаму лячэнню зараз усё добра, дзяўчынка цалкам здаровая.
Анастасія, першая дачка якой з’явілася на свет у Кобрынскай бальніцы, зазначае, што радзільны дом у Пружанах нічым не саступае таму, што ў суседнім райцэнтры.
– Тут парадзіхі забяспечаны карыснымі парадамі. Усе медыкі вельмі тактоўныя і ветлівыя, дасканала тлумачаць незразумелае, паказваюць на практыцы, як даглядаць нованароджанага, падымаюць настрой добрым словам, – дзеліцца ўражаннямі маладая мама.
Напэўна, як і многія жанчыны, Анастасія Ягавенка адчувала пэўныя перажыванні падчас цяжарнасці, бо, што ні кажы, гэта самы ўразлівы час і для маці, і для дзіця.
– Я жудасна баялася, што роды пачнуцца дома. Гэта былі нерацыянальныя страхі, але часам яны ўсплывалі ў галаве. З кепскімі думкамі дапамагала спраўляцца сям’я, а ўрачы ў бальніцы сваёй упэўненасцю і добрым настроем канчаткова супакоілі. І роды не былі цяжкімі. Галоўнае – уважліва слухаць, што табе кажуць прафесіяналы, і своечасова гэта выконваць, – кажа маладая маці.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Источник: www.budni.by