«Уколы робіць так, што і вокам не паспееш міргнуць!» Медсястру Шарашоўскай гарадской бальніцы Наталлю Дульчэўскую цэняць калегі і паважаюць пацыенты


Звезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активнаЗвезда не активна
 

У Міжнародны дзень медсястры дзверы ў кабінет Шарашоўскай гарадской бальніцы, дзе ў якасці «правай рукі» ўрача працуе Наталля Дульчэўская, не зачыняліся. Не, пацыентаў у той дзень не стала больш, а вось жадаючых павіншаваць калегу і памочніцу з прафесійным святам – хоць адбаўляй. 

Наталля Міхайлаўна працуе ў бальніцы без малога трыццаць гадоў. Безумоўна, за гэты час сваёй руплівай працай заслужыла прызнанне і аўтарытэт як сярод медыкаў, так і ў пацыентаў.

— Наша Наталля Міхайлаўна – шчыры, адказны і спагадны чалавек, з ёй вельмі лёгка працаваць! Тым больш, што мэта ў нас адна — палепшыць здароўе пацыентаў, — хваліць падначаленую ўрач агульнай практыкі Вераніка Здановіч.

А ў гэты час медсястра нешта запісвае ў картцы пацыента (картак у яе на стале некалькі стосаў), які прыйшоў на вакцынацыю.

— Што, дрыжаць каленкі? – пытаемся ў мужчыны, які вырашыў зрабіць прышчэпку.

1

— Яшчэ чаго! У нашай медсястрычкі залатыя рукі, уколы робіць так, што і вокам не паспееш міргнуць, — кажа той, а на развітанне дзякуе медыкам за клопат пра яго здароўе і здароўе іншых шарашэўцаў.

Калі ў калідоры наступіла параўнальная цішыня, Наталля Дульчэўская знайшла некалькі мінут, каб адказаць на пытанне, як лёс прывёў яе ў медыцыну.

Усё вельмі проста. Ураджэнка вёскі Кутнявічы вельмі любіла ў школе біялогію і хімію, таму выбар прафесіі быў наканаваны.

— Іншага шляху і ўявіць не магла. Па заканчэнні на «выдатна» Бакуноўскай школы паступіла ў Брэсцкі медыцынскі каледж. Пасля атрымання дыплома ў 1993 годзе прыехала ў Шарашэва, тут і засталася.

Тут жа Наталля знайшла сваё каханне, у яе нарадзіліся двое дзяцей – сын Юрый, які сёння працуе праграмістам, і дачка Ксенія, будучы архітэктар. Менавіта ў Шарашоўскай бальніцы яна пераканалася ў тым, што медыцына – яе жыццёвае прызначэнне.

2

— Мне пашчасціла і шчасціць працаваць у вельмі дружным калектыве, дзе пануюць добразычлівасць і павага. Побач — сапраўдныя прафесіяналы: Ларыса Уладзіміраўна Малышкевіч, Аляксандр Вярцінскі, Вераніка Здановіч і многія іншыя. Таму ніякія хваробы нам не страшныя. Вось зараз пайду па шарашэўскіх установах тлумачыць пра карысць вакцынацыі, а пасля паедзем з Веранікай Валер’еўнай па ФАПах. Нас там чакаюць, трэба спяшацца! Не хварэйце, а калі што — завітвайце да нас, хутка падлечым і падорым добры настрой.

Алеся Смайлік. Фота Кацярыны Масік

Источник: Районныя Буднi

Печать

Советы

Статьи